НАЗЕМАТО́З ПЧОЛ, пебрына пчол,

інвазійная хвароба дарослых пчол і некаторых чмялёў, якая выклікаецца наземай пчалінай, што паразітуе пераважна ў сярэдняй кішцы і мальпігіевых сасудах. Пашыраны ўсюды. Споры назем заносяцца ў здаровыя сем’і з сотамі, рамкамі, пчоламі і інш. і трапляюць у кішэчнік з мёдам, пяргой, вадой, воскам, забруджанымі экскрэментамі хворых насякомых. У пчаліных матак дэгенерыруюць яечнікі, у трутняў парушаецца сперматагенез. Назіраюцца павелічэнне брушка, панос, вяласць, масавая гібель пчол у час зімоўкі і ў 1-ы месяц пасля яе. Успышкам Н.п. садзейнічаюць доўгія зімоўкі ў сырасці, жыўленне падзевым мёдам, аслабленасць зімуючых пчол і інш.

В.І.Сапега.

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)